У аўторак, 18 красавіка, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з «часовым выканаўцам абавязкаў» самаабвешчанай ДНР Дзянісам Пушыліным. Такія дзеянні ўкраінскае МЗС назвала «чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, скіраваным на падтрымку дзяржавы-агрэсара РФ» і выклікаў з Мінска амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый. Гэта адбылося другі раз за ўсю гісторыю беларуска-ўкраінскіх адносін. Чаму на такі крок Кіеў пайшоў менавіта цяпер і якія могуць быць наступствы для Беларусі? «Люстэрка» пагаварыла пра гэта з украінскім кандыдатам палітычных навук і экспертам-міжнароднікам Станіславам Жаліхоўскім.

Упершыню Украіна адклікала свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацый 17 жніўня 2020 года. Прычынай тады стала выдача ў Расію баевікоў ПВК Вагнера, затрыманых у Беларусі. Украіна таксама прэтэндавала на перадачу вагнераўцаў. Ужо 7 верасня 2020 года Ігар Кізім вярнуўся ў Мінск.
Адкліканне з краіны амбасадара іншай дзяржавы, бо ён дыпламат даволі высокага ўзроўню, — адназначна негатыўны фактар для адносін дзвюх дзяржаваў. Такая практыка выкарыстоўваецца ў выпадку сур’ёзных крызісаў, тлумачыць Станіслаў Жаліхоўскі. Што да Украіны і Беларусі, то такое рашэнне ўкраінскага МЗС у першую чаргу кажа пра тое, што ў ведамства больш няма ніякай цікавасці да беларускага боку. Прычым нават не ў якасці партнёра (пра гэта даўно не ідзе і гаворкі), але нават у якасці пляцоўкі для перамоваў.
— Учора адбылася сустрэча самаабвешчанага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з баевіком Пушыліным. Таксама былі агучаныя паведамленні беларускіх уладаў пра падтрымку гэтых баевікоў, былі размовы пра аднаўленне Данбаса пасля баявых дзеянняў. Гэтая сустрэча кантрастуе з заявамі Аляксандра Лукашэнкі, зробленымі падчас вайны на Данбасе, — кажа эксперт. — Тады ён афіцыйна не прызнаў акупацыю і не прызнаў Крым расійскай тэрыторыяй. Цяпер зразумела, што Лукашэнка ўжо які раз і з абсалютнай дакладнасцю пазначыў чырвонай рысай бок, на якім знаходзіцца Беларусь. Цяпер яна цалкам у палітычнай арбіце Расійскай Федэрацыі. Вядома, яшчэ летась было шмат размоваў пра тое, што з вашай краінай можна разарваць дыпламатычныя адносіны, як гэта было зроблена з Расійскай Федэрацыяй. Але тады яшчэ былі спробы дамовіцца, у Беларусь прыязджала дэлегацыя для перамоваў, яна была і ля мяжы, і ў Мінску. То-бок гэтая платформа заставалася, і крокаў да разрыву адносін не было.
Нягледзячы на гэта, апошнім часам сітуацыя мяняецца, адзначае Станіслаў Жаліхоўскі, а падзеі «набіраюць абароты». Суразмоўца дапускае, што сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным была толькі нагодай для таго, каб яшчэ больш астудзіць адносіны Кіева з афіцыйным Мінскам. Рэальную ж прычыну змены рыторыкі ён бачыць у іншым:
— Не выключаю, што гэта звязана з рашэннем Масквы размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі вашай краіны. А днямі міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь займаецца падрыхтоўкай пляцовак для размяшчэння стратэгічных ядзерных узбраенняў. Відавочна сур’ёзны крок, бо краіна страціць бяз’ядзерны статус. Гэта пагражае тым, што з яе тэрыторыі могуць пачацца ўдары па ключавых аб’ектах Украіны ці ядзерная зброя можа быць выкарыстаная супраць заходніх краін, якія дапамагаюць Украіне. Я звязваю адкліканне амбасадара з магчымым контрнаступленнем украінскіх узброеных сіл ужо сёлета. Бо мы памятаем пагрозы Расіі наконт таго, што калі Украіна вырашыць цалкам дэакупаваць тэрыторыю, у тым ліку Крымскі паўвостраў, то магчымае нанясенне ядзерных удараў.
На думку Жаліхоўскага, адкліканне амбасадара з Беларусі — гэта першы званочак, што Кіеў не выключае эскалацыі сітуацыі.
— Я не думаю, што гэта будзе менавіта ядзерная фаза, але нават заява пра тое, што Беларусь можа размясціць у сябе ядзерную зброю і падрыхтоўка да гэтага — адназначна варожая рыторыка. І гатоўнасць перайсці на новы ўзровень канфлікту дакладна ёсць, — упэўнены эксперт. — Зразумела, што цяпер няма неабходнасці трымаць амбасадара, якога ў прынцыпе і сама Беларусь больш не разглядае як пасярэдніка на дыпламатычных перамовах паміж украінскім і расійскім бакамі. Я лічу, што гэты крок мог быць зроблены і раней, але тады Кіеў пакідаў прастору для манеўру. Цяпер мы бачым, што ўсе магчымасці знікаюць, што беларускія ўлады амаль нічога не кантралююць у сваёй краіне. Усе працэсы кантралююцца Расійскай Федэрацыяй.

Пры гэтым Дзяніс Пушылін ужо прыязджаў у Беларусь у ліпені 2022 года і сустракаўся з мясцовымі ўладамі. Тады рэакцыі Кіева на такі візіт не было. На думку эксперта, гэта звязана з надзеямі ўкраінскіх уладаў захаваць камунікацыю з Беларуссю:
— З аднаго боку, на той момант ужо былі прапановы месцаў для перамоваў — Турцыя, Казахстан. Але я думаю, што тады яшчэ не было выразнай карціны, а галоўнае — на той момант гэтыя рэгіёны (самаабвешчаныя ДНР і ЛНР. — Заўв. рэд.) яшчэ не былі далучаныя да Расіі (Пуцін падпісаў указ пра іх далучэнне 30 верасня 2022 года. — Заўв. рэд.). У любым выпадку кантакты з прадстаўнікамі такіх арганізацый Кіеў асуджаў, але тады справа не дайшла да таго, каб Расія адкрыта пачала паглынаць рэгіёны Украіны.
Далей адносіны Беларусі і Украіны, хутчэй за ўсё, будуць пагаршацца. Жаліхоўскі кажа, што вяртанне амбасадара Ігара Кізіма ў цяперашніх рэаліях наўрад ці магчымае:
— Я дапускаю вяртанне амбасадара ў выпадку, калі ў Беларусі пройдуць працэсы, якія зменяць сітуацыю. Калі ў Беларусі адбудзецца трансфармацыя і вашая краіна стане на дэмакратычныя, а не прарасійскія рэйкі. У адваротным выпадку я не бачу такога варыянту. Узровень эскалацыі ўзрастае, Беларусь цяпер знаходзіцца на расійскім геапалітычным полі, таму цяжка ўявіць вяртанне амбасадара. Хоць поўнага разрыву адносін паміж краінамі няма, і асобныя супрацоўнікі будуць працаваць, камунікацыя застанецца на мінімальным узроўні. Яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Украіна асуджала той факт, што Беларусь часам транслюе расійскія наратывы. Але адносіны захаваліся, Лукашэнка сустракаўся з Парашэнкам і нават прыязджаў у Кіеў. У прынцыпе, камунікацыя была і пасля таго, як Украіна асудзіла разгон пратэстоўцаў у 2020 годзе, хоць і пайшла на спад. І сёння, калі з тэрыторыі Беларусі ідуць абстрэлы, зразумела, што ўсё гэта стала апошняй кропляй. Па сутнасці, Беларусь цяпер цалкам перайшла ў разрад варожай дзяржавы. Яна ўсё больш паглынаецца Расіяй, і цяпер Кіеў фактычна ўспрымае іх як адно цэлае.
Чытайце таксама


