Беларусы прасілі Мінюст і Мінздароўя праверыць адміністрацыю Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якая забараніла супрацоўнікам навучальнай установы ўдзельнічаць у семінарах і канферэнцыях, якія не ўваходзяць у спіс, зацверджаны Мінздароўя. Такая петыцыя з’явілася на сайце petitions.by. Днямі платформа апублікавала адказ на зварот.

Ва ўніверсітэт ужо звярталіся з гэтым пытаннем. У сваім адказе адміністрацыя ВНУ патлумачыла, што правілы ўнутранага працоўнага распарадку (ПУПР) — гэта лакальны прававы акт і пра яго нельга інфармаваць трэціх асобаў.
«ПУПР рэгулююць выключна працоўныя адносіны. Зацверджанне ПУПР, унясенне ў іх змяненняў і (або) дапаўненняў — гэта непасрэднае права наймальніка і не падлягае інфармаванню трэціх асобаў. З моманту ўнясення дапаўненняў у ПУПР на імя рэктара ўніверсітэта не паступіла ніводнага звароту ад работнікаў пра нязгоду з парадкам удзелу ў названых мерапрыемствах» — гаварылася ў адказе ўніверсітэта.
Аўтары петыцыі лічаць, што гэты лакальны прававы акт парушае арт. 49 і 51 Канстытуцыі Беларусі.
У Міністэрстве юстыцыі на просьбу праверыць адміністрацыю ўніверсітэта адказалі, што пастаўленыя ў звароце пытанні не адносяцца да кампетэнцыі міністэрства.
У адказе Мінздароўя, падпісаным першым намеснікам міністра Юрыем Горбічам, гаворыцца, што работнікам універсітэта дазваляецца ўдзельнічаць у мерапрыемствах і чытаць лекцыі па-за планам, зацверджаным Мінздароўя, толькі пасля ўзгаднення з кіраўніком і рэктарам. Абмежаванняў на ўдзел у мерапрыемствах без пазначэння прыналежнасці да ўніверсітэта няма. Забароны на ўдзел у канферэнцыях і семінарах загад рэктара не ўводзіў.