У панядзелак, 25 лістапада, Генеральная пракуратура Беларусі расказала пра вынікі суда над заснавальнікам сеткі медцэнтраў «Новы зрок» Алегам Каўрыгіным. Суддзя Мінскага гарадскога суда Анастасія Папко завочна асудзіла бізнесоўца на 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф на 400 тысяч рублёў. Прадпрымальнік расказаў «Люстэрку», як ставіцца да рашэння суда.

Пра прысуд Алег Каўрыгін даведаўся ад журналістаў. Кажа, што не мае ніякай інфармацыі пра тое, як праходзілі паседжанні.
— Я не ведаю, пра што ішла гаворка ў судзе. Не было ніводнага кантакту, ні з адвакатам, ні з нейкімі следчымі, наогул ні з кім, проста ні з кім, — сцвярджае бізнесовец. — А я не хаваўся ад правасуддзя. Не мяняў ні электроннай пошты, ні месца жыхарства. Больш за тое, я звяртаўся ў беларускае бюро Інтэрпала з просьбай даць мне нейкую інфармацыю па гэтай справе (беларускія ўлады абвясцілі Алега Каўрыгіна ў вышук па лініі Інтэрпала. — Заўв. рэд.), падаючы свой асабісты тэлефон, кантакты адваката. Таму казаць, што я хаваюся ад правасуддзя, — гэта неяк недарэчна. Вось вы, «Люстэрка», неяк жа мяне знаходзіце пастаянна, мае каментары з’яўляюцца ў прэсе.
Бізнесовец кажа, што адпраўляў таксама запыт у Міжнароднае бюро Інтэрпала, каб даведацца, на якой падставе яго шукаюць беларускія сілавікі.
— Прыйшоў адказ наступнага зместу, што беларускі Інтэрпал просіць не інфармаваць мяне пра тое, што ў дачыненні да мяне нейкія дзеянні робяцца. І нават не інфармаваць, ці знаходжуся я ў вышуку, — расказвае ён. — Але калі я ўжо нейкі спраўджаны злачынца, з іх пункту гледжання (хоць я ўсё жыццё будаваў бальніцы і нават не разумею, пра што яны кажуць), то чаму б ім не сказаць, у чым мяне абвінавачваюць? Навошта хаваць?
Саму справу «Новага зроку «Каўрыгін называе палітычна матываванай. Ён звяртае ўвагу, што, акрамя ўхілення ад выплаты падаткаў, яму таксама інкрымінавалі тыповыя «палітычныя» артыкулы — спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, распальванне сацыяльнай варожасці і заклікі да санкцый:
— «Эканамічны» артыкул — толькі прыкрыццё, каб нібыта апраўдаць свае дзеянні. Любы чалавек зразумее, што, калі я не з’яўляюся ў краіне больш за 10 гадоў, я не мог ніяк уплываць на дзеянні прадпрыемства. Больш за тое, кіраваць ім. А тым больш здзяйсняць нейкія падатковыя злачынствы, бо я падатковы рэзідэнт Літоўскай Рэспублікі з 2010 года. І да мяне няма абсалютна ніякіх прэтэнзій. Як і ў іншых краінах, дзе я працую. Мы гаворым толькі пра заганную сістэму, якой дазволілі сфармавацца ў Рэспубліцы Беларусь і пераследаваць людзей, каб адбіраць уласнасць як у бізнесоўцаў, так і ў іншадумцаў. Акцэнтую ўвагу, адзіным фігурантам, які атрымаў рэальны тэрмін, стаў я. Фактычна мяне асудзілі за тое, што я выказваў свой пункт гледжання наконт таго, што адбываецца ў Беларусі, шчыра і неперадузята. Я шчыра лічу, што гэта незаконны крымінальны пераслед. І спадзяюся на тое, што ўсе, хто ўдзельнічаў у гэтым працэсе, у свой час панясуць заслужанае пакаранне паводле закона Беларусі, які дазволіць гэта зрабіць.
— Што да тэрміну ў 12 гадоў узмоцненага рэжыму, то мне здаецца, гэта рашэнне для застрашвання іншых, — працягвае бізнесовец. — Раней за забойства давалі 10 гадоў (часам і менш, так, у 2014 годзе маці, якая забіла сваё дзіця, асудзілі на дзевяць гадоў пазбаўлення волі. — Заўв. рэд.). Ну і калі б я быў у Беларусі, гэта быў бы мне смяротны прысуд. Мяркуйце самі, мне 56 гадоў, плюс 12 — гэта ўжо 68. Ва ўмовах узмоцненага рэжыму наўрад ці да такога ўзросту там можна дажыць.

Між тым супрацоўнікам «Новага зроку» (намесніку дырэктара, галоўнаму бухгалтару і галоўнай медсястры) выставілі толькі «эканамічны» артыкул пра нявыплату падаткаў. Каўрыгін лічыць, што супрацоўнікаў запалохалі і прымусілі даць паказанні, патрэбныя следству.
— Ім відавочна пагражалі, што калі не зробяць як трэба следству, то іх будуць судзіць за «палітыку», — адзначае бізнесовец. — Сын галоўбуха працаваў эканамістам у бухгалтэрыі «Новага зроку», жонка дырэктара — другой бухгалтаркай. Думаю, гэта былі адны з рычагоў ціску, каб супрацоўнікі давалі патрэбныя паказанні. Людзі проста падпісвалі чыстыя аркушы ў абмен на тое, што іх пакінуць там на волі. Я абсалютна не злуюся на іх. Жадаю ім здароўя і ўсяго добрага.
Таксама Генпракуратура заявіла, што спагнала з Каўрыгіна ў даход дзяржавы тры мільёны рублёў. Сам бізнесовец кажа, што не разумее, якім чынам яны паводле закона маглі гэта зрабіць.
— Гэта каля мільёна даляраў (856 тысяч паводле курсу Нацбанка на 25 лістапада 2024 года. — Заўв. рэд.). Рэч у тым, што ў мяне не было такой сумы ў Беларусі, ні маёмасці, нічога, — тлумачыць ён і дадае, што афіцыйна не валодае «Новым зрокам», а з’яўляецца толькі кансультантам. — Я ўжо 14 гадоў не жыву ў Беларусі, У мяне іншае грамадзянства. Таму я абсалютна не разумею, што яны маюць на ўвазе, кажучы пра канфіскацыю трох мільёнаў. І ў нейкім дакладным ключы я гэта пракаментаваць не магу. Тут відавочна прыдуманая выразная схема, каб адабраць прадпрыемства.
Цікава, што суддзя Анастасія Папко, якая вынесла прысуд Алегу Каўрыгіну, даволі вядомая з многіх «палітычных» справаў з 2014 года. Так, напрыклад, дзесяць гадоў таму яна давала штрафы паводле артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) актывістам Змітру Дашкевічу, Леаніду Кулакову, Вользе Маёравай, удзельнікам Маршу недармаедаў і гэтак далей. Пасля 2020 года судзіла па крымінальных справах таксама і вядомых палітвязняў — шматдзетную маці і актывістку Вольгу Залатар, блогера Мікалая Дзядка, а таксама фігурантаў справы «Буслы ляцяць».
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу, у Каўрыгіна ёсць яшчэ 10 дзён на яго абскарджанне. Але ён кажа, што магчымасці такой у яго няма — адвакаты ўнутры Беларусі ўжо даўно адмаўляюцца працаваць з ім.
— Я не магу атрымаць нават матывацыйную частку прысуду, каб разумець, якім чынам абскардзіць яго, — тлумачыць суразмоўца. — Тут зноў няма магчымасці для вядзення нейкага законнага працэсу, каб знайсці справядлівасць у беларускіх судах. Яе проста не існуе. І, па сутнасці, я пазбаўлены цалкам прававой нейкай абароны ў Рэспубліцы Беларусь. Я планую звяртацца ў міжнародныя інстанцыі. І разлічваю калі і вярнуцца ў Беларусь, то не ў якасці зняволенага, а ў якасці вольнага чалавека, які сумленна працаваў і будаваў бальніцы і абсалютна не займаўся ніякімі незаконнымі справамі.
Што да будучыні медцэнтраў (будынкаў і абсталявання), то бізнесовец не ўпэўнены, ці будзе іх уладальнікам кампанія Voka, у якой працуе старэйшы сын сенатаркі і меркаванай маці Мікалая Лукашэнкі Ірыны Абельскай.
— Мяркую, што яны ўсё ж вынайдуць нешта больш прадуманае, — лічыць ён. — Хто перашкаджае зрабіць абсалютна новую кампанію пад гэты праект? Ну ці купіць нейкую кампанію, якая ўжо набудзе «Новы зрок». Гэта ўжо не гэтак важна. Тут важна, што канфіскацыя ўласнасці адбылася. А пад якім соусам і хто забярэ… Мы разумеем выдатна, што гэта будуць абсалютна ганебныя людзі, якія ўсё гэта і задумалі. І я хачу яшчэ раз звярнуць увагу, што знішчаныя шэсць буйных медцэнтраў для людзей, дзе аказвалі высокатэхналагічную дапамогу на ўзроўні заходніх краін.
Чытайце таксама