Жыхары Дзяржынска каторы дзень абмяркоўваюць навіну пра 16-гадовую дзяўчыну, якая раптоўна памерла пасля курэння вейпа ў кампаніі. Усё адбылося яшчэ ў мінулы чацвер, 13 сакавіка, але шырокая грамадскасць пра гэтую гісторыю даведалася толькі 17 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі МУС, прысвечанай тэме злачынстваў з удзелам дзяцей. Журналісты пагаварылі з адной з сябровак загінулай дзяўчыны, а таксама патэлефанавалі ў навучальную ўстанову і інтэрнат, дзе яна жыла. Што вядома на гэты момант.

На прэс-канферэнцыі прадстаўнікі МУС зрабілі акцэнт на тым, што за некалькі хвілін да смерці дзяўчына ў кампаніі сяброў парыла вейп, раптам адчула сябе кепска, страціла прытомнасць і памерла.
Вучаніца адной з мясцовых школ расказала, што ім пра гэтую трагедыю паведамілі ў мінулую пятніцу, на наступны дзень пасля таго, што здарылася.
— Гарадок у нас маленькі: дзве школы, дзве гімназіі і адзін каледж. Ужо на наступны дзень нашая класная кіраўніца сабрала ўвесь клас і расказала, што пасля курэння вейпа памерла дзяўчынка, і прачытала лекцыю [пра здаровы лад жыцця]. Асабіста яе [памерлую дзяўчынку] я не ведала, але расказвалі, што яна тры дні нічога не ела, а калі курыла вейп, нібыта зацягнулася і, заўважыўшы выхавацеля, затрымала дыханне, а потым страціла прытомнасць і практычна адразу ж памерла…
Карэспандэнтам удалося адшукаць адну з сябровак загінулай дзяўчыны. Вось што яна расказала:
— Яна была вельмі шчырай, таварыскай, з усімі хацела сябраваць. Летась паступіла на першы курс, вучылася на кухара-афіцыянта. Жыла ў інтэрнаце, родам была [з іншага горада]. Яна была сіратой, выхоўвалася ў сям'і блізкіх сваякоў. Усё адбылося ў чацвер, гадзін у восем. Яна стаяла ў кампаніі [падлеткаў] каля інтэрната, закурыла [вейп] і ўпала. Калі прыехала хуткая, ужо нічым нельга было дапамагчы.
Са словаў сяброўкі, у дзяўчыны былі праблемы з сэрцам.
— Тое, што яна галадала дні тры — праўда. Але яна, атрымліваецца, нават мне ў гэтым не прызнавалася, хавала. Навошта? Напэўна, як і ўсе дзяўчаты, хацела быць худой, хоць яна і так была стройнай, прыгожай.
З дзяўчынай развіталіся на мінулым тыдні ў яе родным мястэчку. Пасля трагедыі, расказалі падлеткі, у інтэрнаце праверылі пакоі і нагадалі навучэнцам, што ім нельга выкарыстоўваць і захоўваць у сябе вейпы.
Дырэктар навучальнай установы, дзе вучылася дзяўчына, каментаваць тое, што адбылося, адмовіўся, але сказаў, што цяпер па факце смерці навучэнкі праводзіцца праверка. Адмовіліся ад каментароў і ў інтэрнаце.