Сёння, 11 лютага, Уладзімір Зяленскі зрабіў шэраг прызначэнняў. У тым ліку новым камандзірам Сіламі тэрытарыяльнай абароны стаў Ігар Плахута. У 2013 годзе гэты сілавік кіраваў разгонам Майдана.

Інфармацыі пра ўдзел Плахуты ў падзеях таго часу дастаткова ў адкрытым доступе.
У 2013-м генерал быў начальнікам упраўлення Паўднёвага тэрытарыяльнага камандавання ўнутраных войскаў МУС. У гэтым статусе ён даваў каментар расійскаму выданню ТАСС. Тады Плахута паведаміў, што «супрацоўнік „Беркута“ атруціўся газам, ужытым супраць яго мітынгоўцамі. Другі вайсковец пацярпеў у цісканіне. Дыягназ яму паставяць пазней». Таксама ён адзначыў, што для расчысткі вуліц, прылеглых да Адміністрацыі прэзідэнта, прыцягнулі каля 400 вайскоўцаў унутраных войскаў і «Беркута».
21 студзеня 2014 Плахута выходзіў да мітынгоўцаў для перамоваў (пра пасярэдніцтва генерала расказваў і адзін з байцоў «Беркута»).
Нагадаем, што 21 лістапада 2013 года ўкраінскі ўрад Мікалая Азарава «раптам» перадумаў і абвясціў, што Украіна не будзе падпісваць пагадненне пра асацыяцыю з Еўрасаюзам. Познім вечарам таго ж дня на майдане Незалежнасці ў Кіеве пачалі збірацца грамадскія актывісты, апазіцыйныя палітыкі і журналісты, якія выступалі за інтэграцыю сваёй краіны з ЕС. Так пачаліся падзеі, якія пасля атрымалі назвы Майдан, Еўрамайдан і «рэвалюцыя годнасці», падчас якіх украінцы адстаялі права сваёй краіны самастойна, не азіраючыся на Маскву, выбіраць сваю будучыню.