Шарэнда-Панасюк прапанавала Пазьняку, які яе крытыкуе, заняць месца палітвязняў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Заняць месца палітвязняў прапанавала Зянону Пазьняку былы вязень Паліна Шарэнда-Панасюк у адказ на ягоную заяву аб недапушчальнасці падпісання ў зняволенні пагаднення аб супрацоўніцтве з Камітэтам дзяржбяспекі, паведамляе «Позірк».

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: "Люстэрка"
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: «Люстэрка»

На думку Шарэнды-Панасюк, палітвязні — гэта «захопленыя акупацыйным рэжымам закладнікі». Закладнікамі яны перастаюць быць толькі ў пяці выпадках: «іх выкупляюць, іх абменьваюць, іх вызваляюць у выніку сілавой аперацыі па вызваленні закладнікаў / ультыматыўнага ціску на захопнікаў, іх забіваюць, яны забіваюць сабе самі».

Беларускім закладнікам, мяркуе актывістка, пакінулі толькі два апошнія варыянты. «Выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Перад такім фактам паставілі нас каты — памілоўка (прашэнне аб памілаванні. — „Позірк“.) + інтэрв'ю + паперка аб супрацоўніцтве. Толькі так, адным пакетам. Ніякіх іншых варыянтаў», — адзначыла Шарэнда-Панасюк, падкрэсліўшы, што напісала паперы пад дыктоўку 24 снежня 2024-га і 3 лютага 2025 года, «прайшоўшы 270 жахлівых дзён тэрору ШЫЗА, год ПКТ (штрафны ізалятар, памяшканне камернага тыпу. — „Позірк“.) і дзясяткі пякельных этапаў».

Паводле слоў былой палітзняволенай, падпісваючы паперы, яна ўжо ведала, што ні секунды не збіраецца быць «Эдэльвейсам» (прысвоены ёй агентурны псеўданім. — «Позірк».), што мае імгненні на тое, каб збегчы з Беларусі, якую назвала «канцлагерам».

«Сп. Зянон! Ёсць усё ж яшчэ адзін метад выратавання закладнікаў — калі хтосьці прапаноўвае сябе на іхнае месца. У лукашысцкіх лагерах смерці засталіся Вікторыя Кульша, Вольга Маёрава, Алена Гнаўк. Калі Лукашэнка такі міласэрны, калі прыслухоўваецца да вас, прапануйце сябе на іх месца. Пакаштуйце таго, праз што рэжым прапусціў іх, і тады, калі застанецеся жывыя, здаровыя, пры розуме, не ўзненавідзіце ўвесь свет, мы абмяркуем з вамі маральныя бакі пытання», — рэзюмавала Шарэнда-Панасюк.

Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк у інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў, што памыліўся ў Шарэнда-Панасюк, з нагоды вызвалення якой «фактычна двойчы звяртаўся да Лукашэнкі».

«Я — галоўны яго палітычны апанент. І я пераступаю праз сябе і прашу яго: „Выпусці гэтую жанчыну“. Ну, выпусціў. Гэтая жанчына пахіхікала з мяне, сказала: „Гэта ўсё чэпуха, хто там Пазьняка слухае“ і гэтак далей», — заявіў ён.

Паводле слоў Пазьняка, у зняволенні можна падпісваць любыя прашэнні аб памілаванні, таму што «грош яму цана — галоўнае выйсці». Аднак падпісваць пагадненне аб супрацоўніцтве з КДБ — «гэта табу, гэта закон, гэтага рабіць нельга».

Шарэнда-Панасюк прабыла ў няволі 4 гады і 29 дзён — з 3 студзеня 2021 года да 1 лютага 2025-га. Праз чатыры дні пасля вызвалення пакінула Беларусь.